СЛУ́ЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў кастр. 1941 — лютым 1943 у Слуцку і яго ваколіцах пад кіраўніцтвам падп. Мінскага абкома КП(б)Б і Слуцкага міжрайкома КП(б)Б (з жн. 1942). Складалася з 3 груп (кіраўнікі М.І.Багуноў, М.І.Відзякін, Дз.В.Каўшоў, П.Я.Маглыш, А.Дз.Фамін). Падпольшчыкі трымалі сувязь з партыз. атрадамі В.З.Каржа і імя Фрунзе, вялі агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі партызанам разведданыя пра ням. гарнізоны, мерапрыемствы акупантаў, збіралі зброю, дакументы, здабылі і перадалі ім друкарскі шрыфт, фарбу, паперу, праводзілі дыверсіі, у т. л. на электрастанцыі, мэблевай ф-цы. Да сак. 1943 большасць падпольшчыкаў пайшла ў партызаны. У барацьбе з акупантамі загінула 9 патрыётаў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 566.
А.Б.Рогаў.
т. 15, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)